ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ,

наземныя і падземныя канструкцыі, якімі пазначаюць і замацоўваюць на мясцовасці геадэзічныя пункты. Наземная частка геадэзічных знакаў на пунктах трыянгуляцыі і паліганаметрыі забяспечвае ўзаемную бачнасць паміж імі і служыць штатывам для ўстаноўкі геад. інструментаў і прадметаў візіравання, мае розную вышыню і канструкцыю (драўляныя слупы, піраміды, туры ў гарах і інш.). Падземная ч. геадэзічных знакаў — бетонныя маналіты з замацаванымі ў іх метал. маркамі — цэнтрамі.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)